Ад любові свет дабрэе: абярэг, талісман, амулет
У жыцці нашых продкаў было шмат таямнічага і чароўнага. Пра гэта сведчаць старыя кнігі, абрады і звычаі, вусная народная творчасць – казкі, легенды і паданні, песні, прыказкі і прымаўкі. І словы ўжываліся адпаведныя, рэдкія і загадкавыя.
Абярэг – асобны прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісваюць магічную здольнасць і якія засцерагаюць ад няшчасця і злых духаў. Існавала цэлая сістэма абярэгаў для абароны чалавека, сям’і, хаты, гаспадаркі.
У многіх вёсках і сёння перад могілкамі, а таксама на скрыжаваннях вуліц стаяць драўляныя крыжы. Павязаныя белымі ручнічкамі, аздобленыя вянкамі з кветак, яны лічацца святымі абярэгамі. Як і нацельныя крыжыкі, якія носяць пасля абраду хрышчэння дарослыя і дзеці.
Год за годам доўжыць
Мой жыццёвы шлях
Падарунак Божы –
Крыжык на грудзях.
Ачышчальнай і лекавай сілаю валодалі прыродныя абярэгі – агонь, вада, купальскія зёлкі.
Свечка, запаленая ў храме, купальскае вогнішча на беразе ракі адпрэчвалі благія думкі, супакойвалі і ўзвышалі душу да Бога. Хлопцы і дзяўчаты вадзілі карагоды, спявалі, скакалі праз агонь, а потым ішлі ў лес шукаць яшчэ адзін абярэг – запаветную папараць-кветку.
Памятаю, у нас дома на покуці, за іконаю, захоўвалася ў бутэлечцы вада, асвечаная ў царкве. Пушыстым венічкам з мятліка ёю апырсквалі хату, хворых, жывёлу ў хляве. Мы, дзеці, з ахвотаю качаліся па мокрай траве: верылі, раса жывіць цела асаблівай сілаю.
У нашай вёсцы жылі бабкі, якія збіралі зёлкі – лекавыя травы. Звычайна летам, на Купалле. Ад гэтага свята і пайшла іх назва: купальскія зёлкі. Асвечаныя малітваю і святой вадою, яны пучкамі віселі на сценах, прыемна пахлі ўсю зіму, дапамагалі ад розных хваробаў.
Якая рэч, патрэбная ў гаспадарцы, таксама лічылася абярэгам, падкажа загадка: “Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае”.
Парадніўся з абярэгамі і талісман – невялікі прадмет, створаны самой прыродаю або зроблены чалавекам з каштоўнага металу, дрэва. Гэта і каменьчык – незвычайнай формы, часам з выяваю нейкага звярка ці птушкі, і персцень – на руцэ, і падкова над дзвярамі – як знак дабра і міру.
Засцерагаў ад бяды і варожых чараў амулет – рэч, якую насілі на лёгкім ланцужку. Калі чалавек, здаралася, надоўга адлучаўся з дому, ён вешаў на шыю медальёнчык – з дарагой для яго фатаграфіяй або якім-небудзь іншым талісманам.
А напрыканцы патлумачце, калі і чаму так гавораць: “Ад любові свет дабрэе”, “Уцякае як чорт ад ладану”, “Беражонага і Бог беражэ”.
Мікола Маляўка